Галоўная / Праца і сацыяльная абарона / Карысная інфармацыя
12.11.2021

Наступствы выплаты заработнай платы «ў канвертах» для прызначэння пенсіі

 Працадаўцы, якія выплачваюць работнікам заработную плату, абавязаны за кошт уласных сродкаў з сум налічанай заработнай платы праводзіць адлічэнні абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (далей - бюджэт фонду) у памеры 34 працэнтаў ад сумы налічанай заработнай платы.
Каб мінімізаваць сумы адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва асобныя суб'екты гаспадарання афіцыйна выплачваюць работнікам толькі мінімальна дапушчальную заработную плату, а астатнюю, як правіла, большую яе частку, згодна з вуснай дамоўленасцю, выдаюць на рукі без адлюстравання яе ў бухгалтарскім уліку. Гэта і ёсць заработная плата «ў канверце».
Якія могуць быць наступствы для работніка пры выплаце яму заработнай платы «ў канверце» пры вылічэнні памеру пенсіі?
 Памер пенсіі па ўзросту залежыць ад стажу работы і заработнай платы да назначэння пенсіі, права на працоўную пенсію па ўзросту і за выслугу гадоў - ад наяўнасці страхавога стажу ўстаноўленай працягласці.
Заработная плата «ў канверце» пазбаўляе работніка пэўных ступеняў яго сацыяльнай абароны і, у першую чаргу, гэта тычыцца пенсіі, бо пенсія налічваецца чалавеку зыходзячы з той афіцыйнай заработнай платы, якую атрымлівае работнік у працэсе сваёй працоўнай дзейнасці, а менавіта з той часткі заработнай платы, якая афіцыйна занесена ў плацежную ведамасць.
Тыя перыяды, калі працадаўцы не рабілі за работніка адлічэння абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду, не будуць залічваць у стаж для назначэння пенсіі.
У Рэспубліцы Беларусь да 2025 года ажыццяўляецца паэтапнае павелічэнне да 20 гадоў патрабаванага пры назначэнні працоўнай пенсіі па ўзросту і за выслугу гадоў стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду - страхавога стажу. Толькі выплачваючы абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду з афіцыйных сум заработнай платы, работнік можа разлічваць на атрыманне пенсіі і сацыяльную абарону.
Артыкулам 243-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць наймальніка за наўмыснае неналічэнне і нявыплату абавязковых страхавых узносаў, узносаў на прафесійнае пенсіённае страхаванне ў бюджэт фонду.
Не згаджайцеся на заробак «у канверце»,  адстойвайце свае правы на сацыяльную абарону!