Большая частка тэрыторыі раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны, паўднёвая ўскраіна – у межах Верхнянёманскай нізіны.
Паверхня раёна плоскахвалістая, з пляцоўкамі мораных узгоркаў і шырокімі забагненымі далінамі рэк.
Найвышэйшы пункт тэрыторыі раёна – 196 м над узроўнем мора (каля аграгарадка Вялікае Мажэйкава), найболей нізкая адзнака – 109 м (зрэз Нёмана) на поўдні раёна.
Па тэрыторыі раёна працякае рака Нёман з прытокамі Лебяда, Котра (з Нявішай і Спушанкай). Буйныя азёры: Берштаўскае (плошча люстэрка – 1,68 км2), Доўгае (0,5 км2), Зубраўскае(0,1 км2).
У раёне 31 балота (буйнейшыя: Гарачы Бор, Целявічы).
Сярэдняя тэмпература студзеня -5,4оС, ліпеня +17оС. Ападкаў выпадае каля 550 мм у год.
Пад лесам знаходзіцца 32% тэрыторыі раёна (пераважна ў паўночна-заходняй частцы раёна), пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі – 53,8%. Глебы дзярнова-падзолістыя (47,8%), дзярнова-падзолістыя забагненыя (23,6%), дзярнова і дзярнова-карбанатныя забагненыя (18,4%), поймавыя (1,4%), тарфяна-балацяныя (8,8%).
Шчучынскі раён мяжуе на поўначы з Рэспублікай Літва, на захадзе з Гродзенскім, на ўсходзе і поўдні з Воранаўскім, Лідскім, Дзятлаўскім і Мастоўскім раёнамі Гродзенскай вобласці.
Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел, будаўнічыя пяскі, цагляная сыравіна, сапрапелі, гліна.
Па тэрыторыіраёна праходзяць чыгунка Масты-Ліда, аўтадарогі Гродна-Ліда, Масты-Шчучын-Астрына-Радунь.
Раён утвораны 15.01.1940 г. у складзе Баранавіцкай вобласці БССР. З 20.09.1944 г. у складзе Гродзенскай вобласці. Плошча складае 1,9 тыс. км2.
Населеных пунктаў 435, у тым ліку горад Шчучын (цэнтр раёна), гарадскія пасёлкі Астрына і Жалудок. Насельніцтва 40130 чал. (на 01.01.2017г.).
У раёне 11 сельсаветаў: Васілішкаўскі, Дэмбраўскі, Жалудоцкі, Каменскі, Лядскі, Мажэйкаўскі, Орлеўскі, Астрынскі, Першамайскі, Ражанкаўскі, Шчучынскі.