Гісторыя
У другой палове 13 ст. землі беларускага Панямоння ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. У 1385 г. у данясеннях крыжаносцаў упершыню згадваюцца Жалудок, Астрына, Васілішкі і Лядск. Пачынаючы з XIV ст., калі закладаўся падмурак адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу дзяржавы, вядучую ролю на тэрыторыі сучаснага Шчучынскага раёна адыгрывалі Астрына, Васілішкі, Жалудок, Новы Двор, Ражанка. 1505 г. датуюцца першыя звесткі аб Ішчалне. Шчучын ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад 1537 г. У адной з судовых цяжбаў 1593 г. выступае ўжо як мястэчка. Паступова яго рэгіянальная роля пачала ўзрастаць. Канчатвока мястэчка сфарміравалася дзякуючы Ігнацію Сцыпіёну. У 1761 г. Шчучын атрымаў прывілей на Магдэбургскае права.
У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Шчучыншчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 19 ст. Шчучын з'яўляўся цэнтрам воласці Лідскага павета.
1 жніўня 1928 г. Шчучыншчына набыла дзміністрацыйную "самастойнасць": быў створаны Шчучынскі павет. У 1929 г. у яго склад уваходзілі 10 гмін: Астрынская, Васілішкаўская, Жалудоцкая, Каменская, Лябёдская, Навадворская, Орлеўская, Ражанкаўская, Сабакінская і Шчучынская. Колькасць насельніцтва складала каля 104 тыс. чал.
У верасні 1939 г. Шчучыншчына была ўключана ў склад БССР.
Асноўныя даты ў гісторыі Шчучынскага раёна
1940 г., 15 студзеня – утварэнне Шчучынскага, Васілішкоўскага і Жалудоцкага раёнаў у складзе Баранавіцкай вобласці БССР. Плошча трох раёнаў - болей 2 тыс. км2 , насельніцтва -110 620 чал.
Вясна - у вёсках Скоржы і Стараўшчына створаны першыя ў Шчучынскім раёне калгасы.
У 1941 г. у Шчучынскім раёне працавалі 1 сярэдняя, 12 сямігадовых, 43 пачатковыя школы (разам 56); у іх навучалася 6015 дзяцей і працавала 137 настаўнікаў. Дзейнічаў раённы Дом культуры, раённая і некалькі сельскіх бібліятэк, больш за 10 хат-чытальняў. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Шчучыне прадыжывала болей 3500 чал., дзейнічалі 4 прамысловыя прадпрыемствы, 3 навучальныя установы, бальніца, амбулаторыя, радзільны дом, аптэка, пошта, тэлеграф, кіно.
25 чэрвеня 1941 – 13 ліпеня 1944 гг. – акупацыя Шчучына нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
1941 г., 15 чэрвеня - Шчучын акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
1942 г., 5 мая – утварэнне першага на тэрыторыі Шчучыншчыны партызанскага атрада "Арлянскі".
9 мая - масавае знішчэнне акупантамі вязняў Шчучынскага гета. Было расстраляна 2060 чал.
9 мая - акупанты расстралялі больш за 2000 вязняў гета ў Жалудку.
1943 г., 26 лютага - карнікі расстралялі 147 жыхароў в. Агародзішча, а вёску спалілі.
18 красавіка – пачатак дзеяння Шчучынскага міжпартыйнага цэнтра пад кіраўніцтвам С.П. Шупені.
Красавік – утварэнне Шчучынскага партызанскага злучэння.
10-11 мая – знішчэнне вязняў гета ў Васілішках. Расстраляна 2000 чал.
1944 г., 22 студзеня - спалена вёска Зінякі. загінулі 419 зінякоўцаў і 65 жыхароў іншых вёсак.
У 1945 г. у Шчучынскім раёне працавала 48 школ, якія наведвала 4970 вучняў, дом соцкультуры, кінатэатр "Зара", радыёвузел, 14-хат чытальняў, 2 раённыя бальніцы, 2 ФАПы, 2 урачэбныя пункты, дзіцячая кансультацыя і дзіцячыя яслі.
1946 г. – адкрыццё ў Шчучыне Дома піянераў з мастацкімі і тэхнічнымі гурткамі.
1948 г. – адкрыццё пажарнага аддзялення ў Шчучыне.
1949 г. - у Шчучынскім раёне адноўлена школьная сетка на даваенным узроўні.
1954 г., люты – пачатак дзеяння Шчучынскага аэрадрома.
1954 г. – у двары Астрынскай сярэдняй школы пастаўлены помнік А.С. Пашкевіч (Цётцы).
1955 г. - пачатак электрыфікацыі раёна.
1956 г. - адкрыццё ў Шчучыне сярэдняй школы №2.
Новая школа пабудавана ў Васілішках.
1957 г. – адкрыццё Шчучынскай музычнай школы.
1958 г. – пачаў работу завод “Аўтапровад”.
Адкрыццё ў Шчучыне сярэдняй школы №2.
1960 г., 20 студзеня - у выніку ліквідацыі Васілішкаўскага раёна ў склад Шчучынскага ўвайшлі г.п. Астрына і 5 сельсаветаў: Астрынскі, Касцянеўскі, Новадворскі, Нарашанскі і Шайбакпольскі.
1961 г. – у Шчучыне пачаў работу новы хлебазавод.
Адкрыта дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
1962 г., 17 красавіка - скасаваны Жалудоцкі раён. Да Шчучынскага раёна ўключаны г.п. Жалудок і 8 сельсаветаў: Агародніцкі, Гардзееўскі, Дуброўскі, Доўгаўскі, Жалудоцкі, Орлеўскі, Пескаўскі і Ходаравецкі.
31 жніўня – Шчучын атрымаў статус горада раённага падпарадкавання.
Выйшаў першы нумар раённай газеты “Савецкая вёска” (з 1939 г. раённая газета выходзіла пад назвай “Чырвоны сцяг”).
1963 г. – пачало вяшчанне Шчучынскае раённае радыё (7 гадзін 15 хвілін).
1968 г. - заснавана раённая Кніга народнай славы.
1970 г. – пачаў працу Шчучынскі масласырзавод.
1972 г. - пачала працаваць музычная школа ў г.п. Жалудок.
1973 г. – пабудаваны новы двухпавярховы корпус раённай бальніцы.
1974 г. - адкрыта Першамайская сярэдняя школа.
1975 г. - Шчучынскі раён прызнаны пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за паспяховае выкананне народнагаспадарчага плана, прынятых абавязацельстваў па жыллёваму, культурна-бытавому будаўніцтву і добраўпарадкаванню.
1976 г., май – адкрыццё ў раённым цэнтры кінатэатра “Беларусь” на 540 месцаў.
1976 г. - Шчучынскай раённай бібліятэцы прысвоена імя А.С. Пашкевіч (Цёткі).
1977 г., 3 верасня - адбылося ўрачыстае адкрыццё ў в. Зачэпічы мемарыяльнага комплексу на месцы дыслакацыі Шчучынскага партызанскага злучэння.
1978 г. – створана Шчучынскае ПТВ-198.
1979 г. - адкрыццё новага будынку Орлеўскай сярэдняй школы.
1980 г., 1 верасня - адчыніла дзверы новы будынак сярэдняй школы №1 г. Шчучына.
1982 г., 15 снежня – у Астрынскай СШ імя А. Пашкевіч (Цёткі) адчынены музей паэтэсы.
1983 г. – да 40-годдзя з дня ўтварэння Шчучынскага партызанскага злучэння ў адноўленай партызанскай зямлянцы ў в. Зачэпічы адчынены Музей партызанскай славы.
1985 г. - Шчучын стаў пераможцам рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у выкананні планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця.
1986 г. – да 100-годдзя з дня нараджэння А.С. Пашкевіч (Цёткі) у Шчучыне ўстаноўлены помнік паэтэсе.
1987 г. - пабудавана новая школа ў г.п. Астрына.
1988 г. - адкрыты мемарыяльны комплекс ў в. Зінякі.
1989 г. – утвараны Шчучынскае раённае аддзяленне польскага культурна-асветніцкага аб’яднання імя Адама Міцкевіча і хор польскай песні “Прамень”. Аднаўлены набажэнствы ў касцёле Святой Тэрэзы ў Шчучыне.
1990 г. – ў Шчучыне утвораны Гродзенскі занальны навукова-даследчы інстытут сельскай гаспадаркі. Пабудавана Ляшчанская сярэдняя школа.
1990 г. - пачала дзейнічаць раённая база юных турыстаў.
1991 г. – у Шчучыне створана станцыя юных тэхнікаў.
1992 г. – раённая газета пачала выходзіць пад назвай “Дзянніца”.
1993 г., 24 ліпеня – адкрыццё новага Дома культуры. 27 ліпеня - стадыёна “Алімп”.
18 кастрычніка - пачатак заняткаў у сярэдня йшколе №3 г. Шчучына.
1995 г. - Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Шчучынскі раён і г.Шчучын былі аб'яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку - Шчучынскі раён.
Спыніла сваё існаванне Шчучынская авіябаза.
1996 г. - пабудаваны касцёл у г.п. Астрына.
1999 г. - адкрыццё у Шчучыне Дома палякаў.
2002 г., 23 студзеня - прайшла прэзентацыя гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць. Шчучынскі раён"
2004 г. – адкрыта дзяржаўнай гімназіі г. Шчучына.
Упершыню ў раённым цэнтры прайшло “Свята кветак”.
2006 г., 17 ліпеня – прыняцце герба і флага г. Шчучына.
2007 г. – Шчучын адзначыў 470-годдзе з дня свайго заснавання. Да юбілею горада былі праведзены работы па добраўпарадкаванню, на плошчы Свабоды была адноўлена існаваўшая раней башня з гадзіннікам.
14 чэрвеня – зацверджанне гербаў і флагаў гарадскіх пасёлкаў Астрына і Жалудок.
2007 г. - скончана грунтоўная рэканструкцыя плошчы Свабоды і цэнтральных вуліц Шчучына.
2008 г., 4 кастрычніка – адбылося ўрачыстае асвячэнне закладкі новага праваслаўнага храма Богаяўлення ў Шчучыне.
2009 г. – да 65-годдзя Перамогі ў СШ №1 адкрыты музей баявой славы.
2011 г., 20 лютага – адкрыццё клуба-музея Чэслава Немэна ў в. Старыя Васілішкі.
2011 г. – адкрыццё музея гісторыі адукацыі Шчучыншчыны ў дзяржаўнай гімназіі.