Галоўная / Аб раене / Гісторыя

Гісторыя

 
У другой палове 13 ст. землі беларускага Панямоння ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. У 1385 г. у данясеннях крыжаносцаў упершыню згадваюцца  Жалудок, Астрына, Васілішкі і Лядск. Пачынаючы з XIV ст., калі закладаўся падмурак адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу дзяржавы, вядучую ролю на тэрыторыі сучаснага Шчучынскага раёна адыгрывалі Астрына, Васілішкі, Жалудок, Новы Двор, Ражанка. 1505 г. датуюцца першыя звесткі аб Ішчалне. Шчучын ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад 1537 г. У адной з судовых цяжбаў 1593 г. выступае ўжо як мястэчка. Паступова яго рэгіянальная роля пачала ўзрастаць. Канчатвока мястэчка сфарміравалася дзякуючы Ігнацію Сцыпіёну. У 1761 г. Шчучын атрымаў прывілей на Магдэбургскае права.

У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Шчучыншчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 19 ст. Шчучын з'яўляўся цэнтрам воласці Лідскага павета. 

1 жніўня 1928 г. Шчучыншчына набыла дзміністрацыйную "самастойнасць": быў створаны Шчучынскі павет. У 1929 г. у яго склад уваходзілі 10 гмін: Астрынская, Васілішкаўская, Жалудоцкая, Каменская, Лябёдская, Навадворская, Орлеўская, Ражанкаўская, Сабакінская і Шчучынская. Колькасць насельніцтва складала каля 104 тыс. чал. 

У верасні 1939 г. Шчучыншчына была ўключана ў склад БССР.
 

Асноўныя даты ў гісторыі Шчучынскага раёна

1940 г., 15 студзеня – утварэнне Шчучынскага, Васілішкоўскага і Жалудоцкага раёнаў у складзе Баранавіцкай вобласці БССР. Плошча трох раёнаў - болей 2 тыс. км2 , насельніцтва -110 620 чал.

             Вясна - у вёсках Скоржы і Стараўшчына створаны першыя ў Шчучынскім раёне калгасы.

У 1941 г. у Шчучынскім раёне працавалі 1 сярэдняя, 12 сямігадовых, 43 пачатковыя школы (разам 56); у іх навучалася 6015 дзяцей і працавала 137 настаўнікаў. Дзейнічаў раённы Дом культуры, раённая і некалькі сельскіх бібліятэк, больш за 10 хат-чытальняў.  Напачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Шчучыне прадыжывала болей 3500 чал., дзейнічалі 4 прамысловыя прадпрыемствы, 3 навучальныя установы, бальніца, амбулаторыя, радзільны дом, аптэка, пошта, тэлеграф, кіно.

25 чэрвеня 1941 – 13 ліпеня 1944 гг. – акупацыя Шчучына нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

1941 г., 15 чэрвеня - Шчучын акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 

1942 г., 5 мая – утварэнне першага на тэрыторыі Шчучыншчыны партызанскага атрада "Арлянскі".

            9 мая - масавае знішчэнне акупантамі вязняў Шчучынскага гета. Было расстраляна 2060 чал.

            9 мая -  акупанты расстралялі больш за 2000 вязняў гета ў Жалудку.

1943 г., 26 лютага - карнікі расстралялі 147 жыхароў в. Агародзішча, а вёску спалілі. 

            18 красавіка – пачатак дзеяння Шчучынскага міжпартыйнага цэнтра пад кіраўніцтвам С.П. Шупені.

            Красавік – утварэнне Шчучынскага партызанскага злучэння.

            10-11 мая – знішчэнне вязняў гета ў Васілішках. Расстраляна 2000 чал.

1944 г., 22 студзеня - спалена вёска Зінякі. загінулі 419 зінякоўцаў і 65 жыхароў іншых вёсак.

У 1945 г. у Шчучынскім раёне працавала 48 школ, якія наведвала 4970 вучняў, дом соцкультуры, кінатэатр "Зара", радыёвузел, 14-хат чытальняў, 2 раённыя бальніцы, 2 ФАПы, 2 урачэбныя пункты, дзіцячая кансультацыя і дзіцячыя яслі.

1946 г. – адкрыццё ў Шчучыне Дома піянераў з мастацкімі і тэхнічнымі гурткамі.

1948 г. – адкрыццё пажарнага аддзялення ў Шчучыне.

1949 г. - у Шчучынскім раёне адноўлена школьная сетка на даваенным узроўні.

1954 г., люты – пачатак дзеяння Шчучынскага аэрадрома.

1954 г. – у двары Астрынскай сярэдняй школы пастаўлены помнік А.С. Пашкевіч (Цётцы).

1955 г. - пачатак электрыфікацыі раёна.

1956 г. - адкрыццё ў Шчучыне сярэдняй школы №2.

             Новая школа пабудавана ў Васілішках.

1957 г. – адкрыццё Шчучынскай музычнай школы.

1958 г. – пачаў работу завод “Аўтапровад”.

              Адкрыццё ў Шчучыне сярэдняй школы №2.

1960 г., 20 студзеня - у выніку ліквідацыі Васілішкаўскага раёна ў склад Шчучынскага ўвайшлі г.п. Астрына і 5 сельсаветаў: Астрынскі, Касцянеўскі, Новадворскі, Нарашанскі і Шайбакпольскі.

1961 г. – у Шчучыне пачаў работу новы хлебазавод.

             Адкрыта дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.

1962 г., 17 красавіка - скасаваны Жалудоцкі раён. Да Шчучынскага раёна ўключаны г.п. Жалудок і 8 сельсаветаў: Агародніцкі, Гардзееўскі, Дуброўскі, Доўгаўскі, Жалудоцкі, Орлеўскі, Пескаўскі і Ходаравецкі.

             31 жніўня – Шчучын атрымаў статус горада раённага падпарадкавання.

             Выйшаў першы нумар раённай газеты “Савецкая вёска” (з 1939 г. раённая газета выходзіла пад назвай “Чырвоны сцяг”).

1963 г. – пачало вяшчанне Шчучынскае раённае радыё (7 гадзін 15 хвілін).

1968 г. - заснавана раённая Кніга народнай славы.

1970 г. – пачаў працу Шчучынскі масласырзавод.

1972 г. - пачала працаваць музычная школа ў г.п. Жалудок.

1973 г. – пабудаваны новы двухпавярховы корпус раённай бальніцы.

1974 г. - адкрыта Першамайская сярэдняя школа.

1975 г. - Шчучынскі раён прызнаны пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за паспяховае выкананне народнагаспадарчага плана, прынятых абавязацельстваў па жыллёваму, культурна-бытавому будаўніцтву і добраўпарадкаванню.

1976 г., май – адкрыццё ў раённым цэнтры кінатэатра “Беларусь” на 540 месцаў.

1976 г. - Шчучынскай раённай бібліятэцы прысвоена імя А.С. Пашкевіч (Цёткі).

1977 г., 3 верасня - адбылося ўрачыстае адкрыццё ў в. Зачэпічы мемарыяльнага комплексу на месцы дыслакацыі Шчучынскага партызанскага злучэння.

1978 г. – створана Шчучынскае ПТВ-198.

1979 г. - адкрыццё новага будынку Орлеўскай сярэдняй школы.

1980 г., 1 верасня - адчыніла дзверы новы будынак сярэдняй школы №1 г. Шчучына. 

1982 г., 15 снежня – у Астрынскай СШ імя А. Пашкевіч (Цёткі) адчынены музей паэтэсы.

1983 г. – да 40-годдзя з дня ўтварэння Шчучынскага партызанскага злучэння ў адноўленай партызанскай зямлянцы ў в. Зачэпічы адчынены Музей партызанскай славы.

1985 г. - Шчучын стаў пераможцам рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у выкананні планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця.

1986 г. – да 100-годдзя з дня нараджэння А.С. Пашкевіч (Цёткі) у Шчучыне ўстаноўлены помнік паэтэсе.

1987 г. - пабудавана новая школа ў г.п. Астрына.

1988 г. - адкрыты мемарыяльны комплекс ў в. Зінякі.

1989 г. – утвараны Шчучынскае раённае аддзяленне польскага культурна-асветніцкага аб’яднання імя Адама Міцкевіча і хор польскай песні “Прамень”. Аднаўлены набажэнствы ў касцёле Святой Тэрэзы ў Шчучыне.

1990 г. – ў Шчучыне утвораны Гродзенскі занальны навукова-даследчы інстытут сельскай гаспадаркі. Пабудавана Ляшчанская сярэдняя школа.

1990 г. - пачала дзейнічаць раённая база юных турыстаў.

1991 г. – у Шчучыне створана станцыя юных тэхнікаў.

1992 г. – раённая газета пачала выходзіць пад назвай “Дзянніца”.

1993 г., 24 ліпеня – адкрыццё новага Дома культуры. 27 ліпеня - стадыёна “Алімп”.

            18 кастрычніка - пачатак заняткаў у сярэдня йшколе №3 г. Шчучына. 

1995 г. - Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Шчучынскі раён і г.Шчучын былі аб'яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку - Шчучынскі раён.

             Спыніла сваё існаванне Шчучынская авіябаза.

1996 г. - пабудаваны касцёл у г.п. Астрына.

1999 г. - адкрыццё у Шчучыне Дома палякаў.

2002 г., 23 студзеня - прайшла прэзентацыя гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць. Шчучынскі раён"

2004 г. – адкрыта дзяржаўнай гімназіі г. Шчучына.

              Упершыню ў раённым цэнтры прайшло “Свята кветак”.

2006 г., 17 ліпеня – прыняцце герба і флага г. Шчучына.

2007 г. – Шчучын адзначыў 470-годдзе з дня свайго заснавання. Да юбілею горада былі праведзены работы па добраўпарадкаванню, на плошчы Свабоды была адноўлена існаваўшая раней башня з гадзіннікам.

          14 чэрвеня – зацверджанне гербаў і флагаў гарадскіх пасёлкаў Астрына і Жалудок.

2007 г. - скончана грунтоўная рэканструкцыя плошчы Свабоды і цэнтральных вуліц Шчучына.

2008 г., 4 кастрычніка – адбылося ўрачыстае асвячэнне закладкі новага праваслаўнага храма Богаяўлення ў Шчучыне.

2009 г. – да 65-годдзя Перамогі ў СШ №1 адкрыты музей баявой славы.

2011 г., 20 лютага – адкрыццё клуба-музея Чэслава Немэна ў в. Старыя Васілішкі.

2011 г. – адкрыццё музея гісторыі адукацыі Шчучыншчыны ў дзяржаўнай гімназіі.